Экскурсія – гэта заўсёды радасць
Экскурсія – гэта заўсёды радасць. Радасць новых уражанняў, радасць падарожжа, радасць зносін з сябрамі.
“Вось і зноў пачынаюцца прыгоды!”- падумала я, калі ўсе ўдзельнікі экскурсіі, навучэнцы Дзеркаўшчынскай базавай школы, зручна ўладкаваліся ў камфортным аўтобусе, ключы ад якога зусім нядаўна ўручыў школе старшыня раённага выканаўчага камітэта Шубскі Аляксандр Мікалаевіч.
У гэты раз нас чакала сустрэча са старажытным горадам Полацкам. Экскурсія пачалася з наведвання Сафійскага сабора, які ўзвышаецца над горадам, прыцягваючы погляды сваёй прыгажосцю і веліччу. У саборы мы наведалі музей гісторыі архітэктуры храма, канцэртную залу з арганам, дзе кожную нядзелю адбываюцца канцэрты арганнай музыкі.
Правільна дзейнічаць у надзвычайнай сітуацыі – неад’емная частка бяспечнага жыцця. А калі навучанне праходзіць у гульнявой форме, гэта яшчэ і цікава. Наступным прыпынкам нашай экскурсіі быў Цэнтр бяспекі МНС у горадзе Наваполацку. Там мы віртуальна трапілі ў асяроддзе надзвычайных сітуацый, якія былі створаны пры дапамозе інавацыйных тэхналогій, сучаснага абсталявання і розных тэхнічных эфектаў. Нам давялося адшукаць небяспечныя месцы ў “жылым” пакоі, выклікаць службы МНС па тэлефоне, схавацца ад маланкі, выбрацца з задымленага пакоя.
Усе ўдзельнікі экскурсіі не толькі замацавалі свае веды і навыкі паводзін у экстрэмальных сітуацыях, але і атрымалі шмат пазітыўных эмоцый і незабыўных уражанняў.
Экскурсіі – гэта цудоўная магчымасць пазнаёміцца з культурай, звычаямі краіны, дакрануцца да гісторыі і непаўторнай спадчыны свайго народа. У вучняў Дзеркаўшчынскай школы такая магчымасць ёсць, дзякуючы старшыні раённага выканаўчага камітэта Шубскаму Аляксандру Мікалаевічу, начальніку аддзела па адукацыі Гаўрылавай Таццяне Вячаславаўне, якія ствараюць усе ўмовы, каб нашы жаданні і мары сталі рэальнасцю, каб знаёмства з родным краем было не толькі віртуальным, але і рэальным праз падарожжы і экскурсіі на новым камфортным аўтобусе.