Велападарожжа ў Сітцы
Падзея, якую доўга чакалі юныя краязнаўцы, у рэшце рэшт адбылася 10 кастрычніка. Запланаванае велападарожжа некалькі разоў пераносілася з-за неспрыяльнага надвор’я. Але ўсё ж выдаўся спрыяльны дзянёк, і юныя краязнаўцы, удзельнікі клуба “Паляўнічыя за петрогліфамі”, рушылі ў дарогу. Мэтаю вандроўкі было наведванне аграгарадка Сітцы, што ў Докшыцкім раёне. Цікаўнасць да тых мясцін невыпадковая і выклікана некалькімі прычынамі: і Дзеркаўшчына, і Сітцы суседнічаюць з заказнікам “Сэрвач”, на тэрыторыі якога гняздуе рэдкая спеўная птушка “Вяртлявая чаротаўка”. Гэта самая паўночная кропка яе гнездавання ў Беларусі. Вось чаму ў юных дзеркаўскіх даследчыкаў такая павышаная ўвага да ўсяго, што звязана з заказнікам. Па-другое – жаданне пабываць там, дзе некалі стаяў палац і жыў фундатар дзеркаўшчынскага касцёла Лявон Дамейка. Трэцяя ж прычына навеяна апошняй вайной. У Сітцах у той час знаходзіўся нямецкі аэрадром, на якім базаваліся бамбардзіроўшчыкі, у тым ліку і менш вядомыя блізнюкі Юнкерса-88, - самалёты “Дорнье” - DO-17Z-2. Юныя краязнаўцы знайшлі некалькі фотаздымкаў тых часоў і зладзілі невялікі квэст па выяўленню лакацый і ракурса.
Незабыўныя ўражанні засталіся ў дзяцей пасля наведвання парка, дзе калісьці знаходзіўся палац. Уяздная брама і рэшткі збудаванняў здзівілі вандроўнікаў сваёй веліччу. Падчас адпачынку, каля вогнішча, дзеці дзяліліся сваімі ўражаннямі. Найбольш разважанняў было адносна зменлівасці часу: велічны палац знік, а касцёл, пабудаваны на ўскрайку сваіх зямельных уладанняў, дзейнічае і цяпер. Дадому юныя падарожнікі вярнуліся ўжо на змярканні, але нягледзячы на стомленасць, усе мелі цудоўны настрой.











