Тыдзень спорту і здароўя
Пачатак вучэбнага года – падзея адметная, насычаная ўражаннямі і хваляваннямі. Хтосьці ўпершыню пераступіў парог навучальнай установы, толькі пачаў робіць першыя, нясмелыя крокі па дарозе ведаў, нехта ў рэшце рэшт дачакаўся сустрэчы з сябрамі-аднакласнікамі, а для кагосьці гэты вучэбны год будзе апошнім у сценах роднай школы, адказнай і складанай парой, калі не паспееш азірнуцца, вызначыцца з месцам далейшай вучобы, а ўжо – выпускныя экзамены…
Прыемна, што другі тыдзень верасня для настаўнікаў і вучняў Дзяржаўнай установы адукацыі “Дзеркаўшчынская базавая школа” быў таксама адметным і асаблівым. У рамках Рэспубліканскага комплекснага спартыўна-массавага мерапрыемства “Тыдзень спорту і здароўя” ў школе прайшлі мерапрыемствы фізкультурна-аздараўленчай накіраванасці, вучні знаёміліся з алімпійскім рухам у Рэспубліцы Беларусь, маладымі і выдатнымі спартсменамі краіны, прымалі ўдзел у спартландыях і віктарынах.
Пачаўся фестываль “Тыдзень спорту і здароўя” з урачыстага адкрыцця і агульнашкольнага легкаатлетычнага забегу “На старт”, дзе ўсе жадаючыя змаглі прыняць удзел у кросе на тысячу метраў, паказаць свае магчымасці, выдатную спартыўную падрыхтаванасць, весела і карысна правесці пазаўрочны час. На працягу ўсяго тыдня праходзілі спартландыі для пачатковых класаў “Хуткі мяч”, “Вясёлыя старты”, конкурс малюнкаў “Здаровы я – здаровая краіна, гульня “Хутчэй, вышэй, мацней, разам”, спартыўная гадзіна “Наш вясёлы, звонкі мяч”. Для школьнікаў сярэдняга звяна былі арганізаваны рухомыя гульні “Два агні”, “Схавайся ад мяча”, прайшлі турніры па футболу і піянерболу, мерапрыемства для знаўцаў спорту “Алімпійская віктарына”, не абыйшлося без рухомых перапынкаў і майстар-класаў.
Завяршыўся “Тыдзень спорту і здароўя” ў Деркаўшчынскай школе легкаатлетычным чатырохбор’ем “Шкаліяда”, дзе вучні 5-7 класаў спаборнічалі ў бегу на 60 метраў, 500 метраў сярод дзяўчынак і 800 метраў сярод хлопчыкаў, кіданні мяча і скачках у даўжыню з разбегу. Па выніках “Тыдня спорту і здароўя” самыя актыўныя ўдзельнікі і лепшыя спартоўцы атрымалі салодкія падарункі.
Вось так весела, насычана і карысна пачаўся новы навучальны год у Дзеркаўшчынскай школе.
Кіраўнік фізічнага выхавання ДУА “Деркаўшчынская БШ” Няміра В.В.